Галоўная / Архіў навінаў / Падзеі / Моўна-фальклорная імпрэсія “Невычэрпная скарбніца”
Моўна-фальклорная імпрэсія “Невычэрпная скарбніца”

Парою нам не хапае моўнага асяроддзя, лексічнага запасу, каб свабодна выказваць свае думкі і пачуцці на роднай мове. Існуе шмат крыніц, даведнікаў, тэлеперадач, але, калі сам чалавек не будзе размаўляць з сябрамі, роднымі ці суседзямі, не будзе паўсядзённа папаўняць свой моўны запас, то і мова яго збяднее і ўрэшце-рэшт знікне. Чым часцей мы звяртаемся да бяздоннай скарбніцы народнай мудрасці, тым багацейшым будзе слоўнікавы склад, больш адметнай, яркай, вобразнай будзе наша мова.

16 лютага ў памяшканні бібліятэкі сумеснымі намаганнямі выкладчыцы беларускай мовы і літаратуры Астроўскай В.П. і выкладчыцы музычнага фальклору Рудэнка С.П. адбылася моўна-фальклорная імпрэсія “Невычэрпная скарбніца”.

Давесці да сэрца і розуму навучэнцаў любоў і пашану да роднага слова, паказаць багацце нашай мовы, дапамагчы адчуць неабходнасць ведаць і ўжываць яе – такія задачы ставілі перад сабою стваральнікі мерапрыемства.

Арганізатарамі была падрыхтавана даволі ёмістая тэматычная выстава кніг. Разнастайныя, але нескладаныя заданні вечарыны былі скіраваны на тое, каб дапамагчы ўзбагачэнню слоўнікавага запасу, узмацненню выразнасці мовы навучэнцаў, зацікаўленасці ў далейшым засваенні роднай мовы і нацыянальнай спадчыны.

 

SDC19671

 

КУЛЬТУРА – МОВА – МЫСЛЕННЕ

(водгук-разважанне па матывах моўна-фальклорнай імпрэсіі «Невычэрпная скарбнiца»)

Ступень валодання роднай мовай – паказальнік узроўню мыслення чалавека, яго стаўлення да ўласнай нацыянальнай культуры і гісторыі. Сапраўдная нацыянальная літаратура, упітваючы дасягненні самых розных нацыяльных школ і стылявых напрамкаў, у першую чаргу засноўваецца на спрадвечнай народнай традыцыі. Менавіта ў гэтым выпадку яна – сталая, самабытная – і, у выніку, прывабная дзеля прадстаўнікоў іншых нацый. Аднак фальклор – непахісная апора ўсялякай культуры – “разгортваецца” толькі ўважліваму і клапатліваму збіральніку і ахоўцу народнай даўніны.

Спроба спалучэння дзвюх вучэбных дысцыплін, якія адлюстроўваюць роднаснасць і ўзаемадзеянне плыняў нацыянальнай культуры (народнай і прафесійнай), была надзвычай цікава прадстаўлена 16 лютага 2011 г. у бінарным інтэграваным мерапрыемстве «Невычэрпная скарбнiца».

Выкладчыкі дысцыплін «Музычны фальклор» Святлана Пятроўна РУДЭНКА і «Беларуская мова» Валянціна Пятроўна АСТРОЎСКАЯ аб’ядналі свае намаганні, каб больш поўна і глыбока пазнаць народную мудрасць, адкрыць перад вучнямі непаўторнае хараство беларускай мовы і музычнага фальклору.

SDC19658 SDC19662

Адметна, што сама тэма “дыялога” прадметаў была падтрымана не толькі супрацоўніцтвам аўтараў, але і плённым дыялогам паміж выкладчыкамі і навучэнцамі. Пры гэтым заданні падаваліся ў форме інтэлектуальнай гульні, а атмасфера творчага спаборніцтва стварыла дынамізм урока. У бібліятэцы, дзе праводзілася сустрэча з навучэнцамі, прысутнічала некалькі груп другога курса і адна – першага. Хлопцы і дзяўчаты змагаліся ў хуткасці і дакладнасці выконвання розных заданняў – харавікі, піяністы, народнікі, эстраднікі складалі прымаўкі, тлумачылі прыказкі, спявалі ўзоры фальклорных мелодый.

 

SDC19665

Асаблівую прыгажосць і “архітэктанічную” цэльнасць імпрэсіі надало яе “абрамленне” славутай беларускай песняй “Купалінка”. Прычым вакальная “інтрада” засноўвалася на аўтэнтычным гучанні тэмы (група харавікоў). А смелым і нечакана сакавітым фіналам гэтай творчай сустрэчы з’явілася выкананне навучэнцамі эстраднага аддзялення народнай мелодыі ва ўласнай джазавай апрацоўцы.

Прыгожым і змястоўным дадаткам да мерапрыемства паслужыла тэматычная кніжная выстава, змешчаная на вынасных бібліятэчных стэлажах.

Вялікая падзяка педагогам і іх вучням за атрыманы ўрок уважлівага, клапатлівага і адначасова крэатыўнага стаўлення да такого звыклага, часам не заўважаемага, але неабходнага, вельмі багатага і гнуткага падарунка нашых продкаў, як родная мова!

Выкладчык С.У.Зміеўская

 

 

 

 

 

 
Яндекс.Метрика

Адрас: Беларусь, 220024, Мінск, вул. Кіжаватава, 9
Тэл.: (017) 212-60-61, Факс: (017) 275-24-30, e-mail: mdkm@mail.by