|
Яшчэ тыдзень таму я і не ведала як і навошта ўвогуле адзначаць гэты дзень. Я і так выкладаю свой прадмет на беларускай мове і карыстаюся актыўна ёй у паўсядзённым жыцці... Ну, перад заняткам расказала б навучэнцам, што ёсць такі дзень - Міжнародны, дарэчы! - што гэта вельмі важна для кожнага чалавека паасобку і для ўсёй нашай нацыі цалкам не забывацца на мову і карані свае....
Ідэю прапанавала Ганна Каліноўская - навучэнка каледжа, зорачка каледжа і мега-мозг. Прапанавала нечакана, мы дагэтуль і незнаёмыя нават былі. Дзякуй нашаму метадысту - Чарнышовай Вользе Сяргееўне, якая нас пазнаёміла ("дзяўчаты, я адчуваю, што гэта знаёмства - гісторычная падзея" - яе словы))) А ідэя заключалася ў тым, каб зрабіць гэты Дзень сапраўдным днём, то бок, з ранку і да вечара пасвяціць яго мове. Шчыра скажу, што планавалі на паперы разы ў тры болей розных мерапрыемстваў, але часу бракавала катастрафічна, і вось які план у нас склаўся:

З раніцы мы з Ганнай сустракалі навучэнцаў, выкладчыкаў і супрацоўнікаў каледжа словамі вітання, запрашэннем наведаць нашыя мерапрыемствы (план мерапрыемтваў быў на асобных картках, што ўрачыста ўручаліся ўсім) і такімі ўлёткамі:

А напярэдадні мы, вядома, развесілі афішы, а яшчэ.... пашукалі, раздрукавалі і развесілі па сценах усёй нашай навучальнай установы такія "заахвочвальныя" ўлёткі:

Акрамя гэтага смешнага слова (напісана: "шчэлепы") былі яшчэ: дбожыць, шлафрок, тлум, зух, крэсіва, тэчка, цытрына, фрызура, тынкоўка, вакацыі, замова, сурокі, каштарыс, рэшта... Як вы бачыце, спецыяльна без адказаў: а каб была магчымасць самастойна падумаць ці няхай сабе і пашукаць (самастойна здабытае больш запамінаецца). Хто ведаў ці даведаўся цягам дня альбо напрыканцы (ў 17.00) мог атрымаць цукерку.
Таксама цукерку (і нават у асобных выпадках - цэлую жменю) маглі атрымаць і тыя, хто ведаў і выразна расказваў беларускія вершы. Дзякуй Валянціне Пятроўне Астроўскай, выкладчыцы беларускай мовы і літаратуры - вершаў я пачула ў той дзень нямала! І нават некалькі вершаў УЛАСНАГА САЧЫНЕННЯ! Асабліва ўразіў мяне адзін....(вой, я, небарака, так расчулася, што не запыталася нават групу і прозвішча дзяўчыны, думаецца, пачынаючай паэткі), але, паважаная зорачка, ў якой 2-й парай была матэматыка ў аўторак, Вам дакладна трэба друкавацца, бо і слова, і метр, і сэнс, і нават мелодыка Вашага вершу захапляльныя! Не хавайце ад усіх такі скарб - гэта грэх!
На першым перапынку (пасля першай пары) Ганна, "скалаціўшы" файны музычны гурт, прапанавала "калідорны канцэрцік":


Файна гралі і спявалі беларускія песні Ганна Каліноўская (3 м/н), Наталля Біжык (3 м\ф), Вераніка Карсюк (2 м\хд), Віталь Барысевіч (3 н/і). Мінакі - вось сапраўды адбыўся "калідорны" канцэрт - нехта праходзіў, нехта прыходзіў, нехта ківаў галавой і спяшаўся па сваіх справах, нехта слухаў, прытанцоўваў і падпяваў з пачатку і да канца, просячы выканаць адну з песень "на біс". Словы песень Ганна раздрукавала і раздавала ўсім жадаючым, таму падпяваць гурту было лёгка. Канцэрт замест 10 хвілінаў доўжыўся амаль 20, таму на наступнае мерапрыемства крышачку спазніліся. А наступнай была...
Сустрэча на тэму "Культура і мова". То была невялікая, камерная сустрэча ў 228 аўдыторыі (ах, шчыры дзякуй намесніку дырэктара па выхаваўчай рабоце Яўсеевічу Канстанціну Ўладзіміравічу за дапамогу арганізацыйнага кшталту: дзе, куды, што, як, аўдыторыі, тэхніка, запрашэнні). Сустрэча прадугледжавала два расповеды: 1) "Замежныя музыканты і беларуская мова" (то аб праэкце "Тузін. Перазагрузка-2"). Рыхтавалася я, выкарыстоўваючы артыкулы інтэрнэт-рэсурсаў "NAVINY.BY (Культура)" і "Будзьма разам".
2) Ганна Каліноўская распавядала пра незвычайныя музычныя факты, звязаныя з беларускімі кампазітарамі, магнатамі, аматарамі музыкі (калі была напісана першая беларуская опера, кім і дзе, якія музычныя інструменты былі ў нашых продкаў і т.п.)

Ну і ў 17.00 мы вырашылі зрабіць такі "Аўдыторнік", каб падвесці вынікі мерапрыемства "Незвычайны слоўнік" і ўвогуле ўсяго дня. Я чакала ўсіх жадаючых пагуляць з гарбатай, ласункамі, музыкай альбому "Тузін. Перазагрузка-2" і добрым настроем:
Жадаючых было не так шмат, як мы з Ганнай разлічвалі, але затое - хто! IV н/р - вы самыя лепшыя!!!!
Напачатку планавалася наступнае: 1) Узнагароджванне тых, хто пераклаў незвычайныя беларускія словы. 2) Прапанаваныя дзве гульні з мэтай пашырыць слоўнікавы запас і паспрыяць пераадоленню бар’ера ў побытавым карыстанні беларускай мовы. Гэта моладзевыя звычайныя гульні: 2.1. “Кракадзіл”. Адзін удзельнік пры дапамозе мімікі паказвае загаданае папярэднім удзельнікам слова (выраз, назву мастацкага твора), астатнім трэба здагадацца што ж гэта было за слова (ці выраз). Пытанні дазваляюцца, але вядучы не мае права адказваць уголас – толькі пры дапамозе мімікі і невербальнай мовы). 2.2. “Стыкеры”. На стыкеры адзін удзельнік піша нейкае слова і наклейвае яго на лоб іншага ўдзельніка. І гэтак далей. То бок, усе бачаць і ведаюць што напісана ў іншых, але не бачаць “свае” надпісы. Потым па крузе кожны можа задаваць пытанні, на якія можна адказаць толькі “Так”, ці “Не”.
Так і было, толькі да гульні "Стыкеры" так і не дайшлі...Часу не хапіла))))) - Не здзіўляйцеся маім "смешкам" - мы гулялі з пяці да васьмі вечара. Гулялі так, што на наступны дзень, 22 лютага ў мяне балеў жывот і шчокі. Гулялі так, што гэта запомніцца мне на ўсё жыццё. Дарэчы, у нас было дзве каманды - звярніце ўвагу на назвы: "Дбожнікі" і "Шлафрокі")))) - і апісаць заданні, гумар, выкананне - проста немагчыма! Выбачайце, але словы тут не перададуць і дзясятую частку... гэта проста трэба было бачыць. А яшчэ лепш - прымаць удзел.


А здымкі? Мой фотаапарат далей, нажаль, падвёў... А можа і не, наадварот, стварыў "сакрэцік" з нашага "аўдыторніка" ;)
А дзевятай вечара мы з Ганнай прыбралі аўдыторыю, паздымалі ўлёткі са сценаў каледжа і ўважліва паглядзелі адна на адну.
"ПРАЦЯГ БУДЗЕ!" - чыталася ў нашых вачах.
P.S. З аднаго боку ноччу мне было крыху сумна: што сёння было? "Рэклама" беларускай мовы? Дакаціліся, забыліся.... што такія рэчы ўжо рэкламаваць трэба.... Але пад раніцу крыху супакоілася: не, для многіх, хто прымаў удзел у нашых мерапрыемствах пасля 21 лютага будзе 22 лю-та-га! Я ўпэўненая ў гэтым! Бо як жа інакш? Беларуская мова ж нашая, родная! ну як жа мы без яе! Ды і хто мы без яе?
P.P.S. Не ведаю, варта гэта пісаць ці не... Ай, пачала ўжо дык напішу... Вось якое паведамленне атрымала сёння ад Ганны: "Мне ўчора Валянціна Сяргееўна вырашыла паставіць "9" па ідэалогіі, таму што такое стаўленне да мовы і культуры мае прамое дачыненне да грамадзянскай пазіцыі!"
З павагай, Глаз В. У. 22 лю-та-га 2012 г.
|