|
Дарагія калегі!
Сардэчна віншую вас з прафесійным святам — Днём настаўніка, якое сімвалізуе глыбокую павагу да педагагічнай працы і ўшаноўванне яе ў нашым грамадстве. Сучасны настаўнік — гэта чалавек, які ідзе ў нагу з часам, чуйна рэагуе на змены ў грамадскім жыцці і навуковай сферы, знаходзіцца ў пастаянным пошуку. Гэтага патрабуе яго прызначэнне — вучыць і выхоўваць, фарміраваць асобу.
У сучасным свеце месца і роля адукацыі кардынальна змяніліся. Яна ўсё ў большай ступені становіцца асновай сацыяльнага прагрэсу, развіцця чалавечага патэнцыялу. Сёння адрозненні паміж развітымі краінамі і тымі, якія развіваюцца толькі на адну трэць абумоўлены адрозненнем у эканоміцы, а на дзве трэці — адрозненнем ва ўзроўні і якасці адукацыі. Ад узроўню адукацыі ў краіне залежыць і якасць жыцця, і эканамічныя перспектывы.
Адукацыя з’яўляецца сацыяльным і духоўным падмуркам жыццядзейнасці чалавека. У нашай краіне яна вызначана ў якасці прыярытэтнай сферы, што аказвае ўздзеянне на паспяховасць сацыяльна-эканамічнага, палітычнага і духоўнага развіцця. Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка адзначыў: "Беларуская школа з гонарам выконвае найважнейшую місію навучання і выхавання навучэнцаў і студэнтаў, разам з глыбокімі ведамі прывівае ім духоўнасць, любоў да Радзімы і гонар за свой народ". У гэтых словах дадзена высокая ацэнка нашай з вамі працы, што абавязвае нас яшчэ лепш працаваць, быць больш мудрымі і больш настойлівымі ў рэалізацыі дзяржаўнай адукацыйнай палітыкі.
Дзяржава робіць усё магчымае для захавання і прымнажэння лепшых педагагічных традыцый дзеля таго, каб маладыя грамадзяне Беларусі атрымалі выдатную адукацыю на ўзроўні сусветных стандартаў, выраслі фізічна моцнымі і здаровымі, рэалізавалі свае таленты і сталі сапраўднымі патрыётамі роднай Беларусі.
Школа заўсёды была галоўным маральным і інтэлектуальным фундаментам любога грамадства, менавіта ад яе залежыць наша будучыня. Магутны патэнцыял сучаснай беларускай школы — гэта вы, дарагія настаўнікі. Ступень прафесійнай падрыхтоўкі нашых педагогаў дазваляе ставіць і вырашаць складаныя і маштабныя адукацыйныя задачы. Я ўдзячны вам за ўменне працаваць творча.
Няхай і ў далейшым, дарагія калегі, вашы справы, учынкі, намеры будуць асветлены мудрасцю і палымянай энергіяй, што кліча сэрцы вучняў у цудоўную краіну ведаў!
Будзьце заўсёды на вяршынях свайго прафесійнага майстэрства!
Моцнага вам здароўя, душэўнага спакою, асабістага шчасця і сямейнага цяпла!
Міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь А.М. Радзькоў
|