Уладзімір Аляксеевіч Сінельнік

(30.04. 1950 - 09.02.2008)

Выкладчык камісіі «Харавое дырыжыраванне», хормайстар, дырыжор,
мастацкі кіраўнік акадэмічнага моладзевага хору «Менка».

SINELNIK

Нарадзіўся Уладзімір Аляксеевіч 30 красавіка 1950. У пасёлку Багушэўск працякала яго дзяцінства. На многіх фота мы можам бачыць яго з абавязковым спадарожнікам - баянам. Пазней нехта так падпіша сяброўскі шарж: "Товарищ неплохой, он весел и речист, вечернею порой – отличный гармонист!".

 

sinelnik01

Як і многія яго сябры ён служыў у войску…

 

sinelnik02

Вельмі шмат што даецца чалавеку ад прыроды, з дзяцінства: бацькі, навакольная абстаноўка, хатні побыт. Вясёлы нораў, бадзёры настрой, адкрытасць да ўсяго новага, дзіцячая непасрэднасць, здольнасць аб'ядноўваць людзей - і .... Тыя неймаверныя выпрабаванні, якія было наканавана пераадолець гэтаму чалавеку ... нейкія несупаставімыя паняцці ...

 

sinelnik03

Адразу пасля заканчэння мінскай кансерваторыі Уладзімір Аляксеевіч Сінельнік пачаў працаваць у Мінскім культурна - асветніцкім вучылішчы, дзе выкладаў спецыяльныя харавыя дысцыпліны. Прысвяціўшы сябе выкладчыцкай дзейнасці ён пераканаўся ў тым, што гэта і ёсць яго сапраўднае прызначэнне. Уладзімір Аляксеевіч пакінуў у сэрцах і ў думках цэлага пакалення - найглыбейшы след. Уладзімір Аляксеевіч Сінельнік - гэта яркая, самабытная старонка жыцця каледжа. Дзе б і над чым ён не працаваў, у яго дзейнасці заўсёды панаваў творчы пачатак. Яго праца заўсёды была творчай - ён аб'ядноўваў вакол сябе ўсё лепшае, актыўнае, маладое, пазітыўнае, якое імкнецца наперад ....

Яго бясконцая адданасць харавой справе, па-праўдзе, бацькаўскі клопат аб прафесійнай будучыні яго выхаванцаў пакінулі ў іх душах падзяку і любоў. Цяпло душы гэтага чалавека, імкненне абагрэць сваёй увагай усіх і ўся, усяліць надзею у, здавалася б, безнадзейную сітуацыю заўсёды адчувалася калегамі і яго вучнямі ... 

Уладзімір Аляксеевіч умеў усяліць у хор упэўненасць, зарадзіць спевакоў добрым настроем. Здавалася б, ён і не мудрагеліў асабліва, але якась звышзадача ў яго была. Яна стварала ў калектыве свайго роду "харавое мысленне". Яна прывучала думаць аб калектыве, а потым ужо пра сябе, пра свае патрэбы.

Усе педагогі харавога аддзялення МДКМ былі розныя, але іх аб'ядноўвалі сапраўдны прафесіяналізм і глыбокая адданасць сваёй справе. Вучыць, перадаючы свае веды і ўменні, не шкадуючы сябе аддаваць свае сілы людзям, бачыць вынікі сваёй працы, ўсведамляць, што ты робіш добрую справу, - у гэтым і ёсць сэнс выкладчыцкай дзейнасці.

Яшчэ адным, і, мабыць, найважнейшым прафесійным дасягненнем Уладзіміра Аляксеевіча Сінельніка з'яўляецца акадэмічны моладзевы хор "Менка".

Ідэя стварэння такога калектыву прыйшла не выпадкова.

Калі навучэнцы каледжа заканчвалі навучанне - яны працягвалі хадзіць на харавыя рэпетыцыі вучэбнага хору. Гэтых людзей станавілася ўсё больш і больш - таму з'явілася неабходнасць падзяліць навучальны хор з асобным самастойным харавым калектывам. Такім чынам і нарадзілася "Менка".

 

sinelnik4

Гэты калектыў быў асаблівай любоўю Уладзіміра Аляксеевіча. Ён успрымаў і ставіўся да яго як да сваёй сям'і, а да яго удзельніц як да любімых  дачок.

Хор "Менка" актыўна працаваў і ў роднай Беларусі, і за яе межамі, з'яўляўся удзельнікам Міжнародных фестываляў ў г. Брухзале і г. Цюбінгене (Германія - 1992, 1993 гады), Міжнароднага фестывалю духоўнай музыкі ў г. Гурка Кляшторная (Польшча, 1997) хор і канцэртмайстар Ірына Міхайлаўна Дзярабіна былі ўзнагароджаны арганізатарамі фестываляў адмысловымі прызамі за высокамастацкае выкананне.

У 1994 годзе калектыў атрымаў званне "Народны". Рэпертуар хору: месы Гайдна і Манюшкі, Літургіі Кастальскага і Часнакова, Харавыя канцэрты Бартнянскага і Беразоўскага, музыка Качыні, Шуберта, Мусаргскага, Шабаліна, Танеева, Свірыдава, песні народаў свету на англійскай, італьянскай, польскай, іспанскай мовах. Асаблівае месца заўсёды займалі апрацоўкі беларускіх народных песень і аўтарскія творы.

Гэта быў не проста хор, гэта была як маленькая дзяржава, у якой шануюць свае законы, свае традыцыі, а галоўнае - усіх спевакоў аб'ядноўваў Уладзімір Аляксеевіч - такі таленавіты, такі добры, такі гасцінны, такі вясёлы. Ён заўсёды спяшаўся на дапамогу кожнай з сваіх "меначак". Калі б, і пра што б яго не папрасілі - ён стараўся, як мог, дапамагчы, падтрымаць, развесяліць, супакоіць.

На жаль, пасля таго, як Ён сышоў - хор спыніў сваё існаванне... Таму, што ніхто іншы не змог даць гэтаму хору той цеплыні і адданасці як Уладзімір Аляксеевіч.





Прайшоўшы праз гады вучнёўства, праз дзесяцігоддзі самасцвярджэння і самапасціжэння, мы, такія розныя і непадобныя, працягваем шлях папярэдніх пакаленняў, шлях нашых настаўнікаў, шлях Уладзіміра Аляксеевіча ....

 

 

 

Клас – музей.

Ёсць у каледжы адмысловы клас, клас, з якога заўсёды даносіцца гучанне пеўчых галасоў. Гэта харавы клас (аўдыторыя № 234) У гэтым класе працаваў Уладзімір Аляксеевіч Сінельнік. Да памятнага вечара (9 лютага 2009 года) было прымеркавана адкрыццё музейнай экспазіцыі.

Умоўна экспазіцыя падзяляецца на дзве часткі: першая - прысвечана У. А. Сінельніку, другая распавядае наведвальнікам пра гісторыю камісіі "Харавое дырыжыраванне" Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў.

 

sinelnik5

На невялікім стэндзе захаваныя самыя цікавыя фатаграфіі з асабістага архіва У. А. Сінельніка. Яго жыццё - яго праца: кіраўніцтва двума калектывамі - хор каледжа мастацтваў і хор "Менка". Працуючы з 1975 года, ён прайшоў самыя важныя моманты станаўлення аддзялення "Харавое дырыжыраванне" - пачынаў працаваць у тады яшчэ Культпрасвет вучылішчы і аж да моманту рэарганізацыі вучылішча у каледж.

Асаблівая ўвага прыцягвае Гербавая пячатка ...

Так ён думаў пра сябе .... Уладар.

Нам не вядома, чаго ў гэтым слове больш - важнасці альбо іроніі, але хутчэй за ўсё, тое, што Сінельнік велічаў сябе Уладаром, ён хацеў падкрэсліць усеабдымны клопат аб сваіх падапечных.

 

sinelnik_gerb

Вядома, у кожнага чалавека ёсць хобі і захапленні. Як бы У. А. Сінельнік не быў паглынуты харавой дзейнасцю, яму заўсёды ўдавалася знайсці хвілінку (а часам ... і не адну), каб падтрымліваць сябе ў выдатнай спартыўнай форме. Тэнісны шарык і ракетка - неад'емныя яго атрыбуты.

І, вядома .... Застоллі. Напэўна, аб гэтай асаблівасці яго таленту можна было б напісаць асобную кнігу пад якой - небудзь пампезнай назвай "Кулінарныя рэцэпты Сінельніка" або "Застолле Сінельніка". Не раз і выкладчыкам, і студэнтам даводзілася дэгуставаць яго чарговы кулінарны шэдэўр.

 

sinelnik7

У гэтым жа класе вісіць абраз, ён была падараваны Уладзіміру Аляксеевічу на адным з канцэртаў. Яго месца ён уласнаручна вызначыў -  у "чырвоным куце" класа.

І яшчэ адзін экспанат класа - музея - харавыя папкі Уладзіміра Аляксеевіча Сінельніка ... Усё складзена і сістэматызавана. Мы, харавікі, з'яўляемся ўладальнікамі, мабыць, самай дарагой спадчыны - харавых партытур, з якімі працаваў Дырыжор Уладзімір Сінельнік. Ужо цяпер можна казаць аб добрай харавой традыцыі выкладчыкаў сённяшняга часу - у верасні за падборам рэпертуару - няхай гэта будзе хор, ансамбль, урок дырыжыравання - многія з нас аддаюць перавагу пашэлясцець старонкамі гэтага залатога фонду, нібы натхніцца, а потым ужо працягнуць пошук у архівах бібліятэк.

 

sinelnik6

На другім стэндзе прадстаўлена экспазіцыя, якую можна пазначыць як "Гісторыя харавога аддзялення ў асобах". Уладзімір Сінельнік - яго жыццё - ўпісаны ў летапіс камісіі. І цяпер выразна вылучаюцца 2 этапы яе развіцця:

Першая - з моманту заснавання культпрасветвучылішча (а зараджалася камісія ў нетрах Мінскага педагагічнага вучылішча яшчэ ў далёкім 1968 годзе) .... Гэта самыя дарагія і ганаровыя выкладчыкі - Знак Ала Георгіеўна, Плашчынская Таццяна Сяргееўна, Анціпенка Яўгенія Цімафееўна, Клюйко Лідзія Аляксандраўна, Мялешка Галіна Антонаўна, Шунтаў Анатоль Феліксавіч.

А далей ... юны параснік - выкладчыкі, якія працуюць на камісіі ў цяперашні час. Магчыма, з часам гэты гістарычны пласт аформіцца ў вялікі лісток на генеалагічным дрэве ХАРАВЫХ  СПРАЎ  БЕЛАРУСІ.

 

 

Матэрыял падрыхтавала Андзікхоў С.Г.

 

 

 

 

 
Яндекс.Метрика

Адрас: Беларусь, 220024, Мінск, вул. Кіжаватава, 9
Тэл.: (017) 212-60-61, Факс: (017) 275-24-30, e-mail: mdkm@mail.by